ХАКЕ́Й З МЯЧО́М на лёдзе, бендзі,

спартыўная камандная гульня на каньках; адзін з зімовых відаў спорту. Гуляюць 2 каманды па 11 чал. Час гульні — 2 таймы па 45 мін з перапынкам. Задача каманд — забіць спец. клюшкамі (даўж. да 120 см) у вароты сапернікаў найб. колькасць мячоў (дыям. 6 см, маса да 62 г). Памеры поля 90—105×50—70 м, варот — 3,5×2,1 м.

Блізкі да сучаснага Х. з м. хакей-бендзі ўзнік у Вялікабрытаніі ў сярэдзіне 19 ст., з канца 19 ст. пашырыўся ў Швецыі. Фінляндыі, Нарвегіі, Расіі (у 1914 засн. Усерас. хакейны саюз), Нідэрландах, Швейцарыі. Да сярэдзіны 1950-х г. існавалі 2 разнавіднасці Х. з м.: рускі і еўрап. (бендзі), якія мелі шмат агульнага, але розныя памеры варот, мяча, клюшкі. У 1955 створана Міжнар. федэрацыя Х. з м., зацверджаны адзіныя міжнар. правілы. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1957.

На Беларусі культывуецца з 1922, пашырыўся з сярэдзіны 1950-х г., калі рэгулярна пачалі праводзіць пяршынствы і розыгрышы кубкаў гарадоў, абласцей і рэспублікі. Федэрацыя хакея створана ў 2002. У міжнар. спаборніцтвах бел. хакеісты ўдзельнічаюць з 2001 (чэмпіянат свету, г. Оўлу, Фінляндыя). Зборная каманда Беларусі заняла 4-е месца ў 1-м розыгрышы Кубка Аляксандра Неўскага (2003, С.-Пецярбург). На Беларусі 3 клубныя каманды (2003).

В.​М.​Пляц, А.​М.​Петрыкаў.

т. 16, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)